св. Брунон - Першы Хрысьціцель Літвы

Сьвяткуючы 1000-гадовы юбілей Літвы мы ня можам забывацца на постаці тых людзей, якіх факт першай згадкі датычыць. Такой асобай, дзейнасьць якой непасрэдна зьвязана таксама з Беларусьсю, ёсьць сьвяты Бруна Баніфацы – хрысьціянскі місіянэр і біскуп.
У масавай сьвядомасьці жыхароў Рэспублікі Беларусь замацавалася перакананьне, што хрысьціянства прыйшло да нас выключна з поўдня, з Бізантыі, праз Кіеў. Але яшчэ 1000 год таму прыходзілі на нашы землі і заходнія місіянэры, рызыкуючы сваім жыцьцём, што і пацьвердзіла сьмерць сьвятога Бруна.
У Квэдлінбурскім Летапісе, які гаворыць аб сьмерці сьвятога няма згадкі пра Беларусь. Гэта не памылка, проста тады тэрыторыя з падобнай назвай не была вядомая. Але гэта ня значыць, што ў гэтым Краі ня жылі людзі, і што сьвяты Бруна дарма рэалізоўваў сваю місію. Паводле летапісу дзейнасьць сьвятога Бруна ў апошнім пэрыядзе была скіравана на хрысьціянізацыю Яцьвягаў – племені, што знаходзілася ў той час на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь.
Для звычайнага чалавека здаецца дзіўным, навошта сьвяткаваць сьмерць хрысьціянскага місіянэра? Ці толькі з-за таго, што першы раз пры гэтым была згадана назва Літва – нашай тагачаснай Айчыны? Але для вернікаў знаёмае сьцьверджаньне: “З крыві мучанікаў вырастае слава Царквы”. Менавіта у такім кантэксьце належыць успрымаць і місію сьвятога Бруна.
Місія сьвятога Бруна стала першай дакумэнтальна пацьверджанай спробай хрысьціянізацыі Літвы. Хаця цалкавіты хрост Літвы наступіў значна пазьней – праз амаль 400 год, тым ня меней сьвяты Бруна стаў галоўным папярэднікам гэтай падзеі, а яго ахвяра была той дарагой цаной, якую належала заплаціць за хрысьціянскую будучыню Літвы.

На сёньняшні дзень невядомае дакладнае месца сьмерці сьвятога Бруна з 18 паплечнікамі. Квэдлінбурскі Летапіс сьведчыць, што гэтая падзея адбылася на памежжы Літвы і Русі. Але розьніцы ў трактоўцы гэтых назваў альбо невядомыя абшары названых тэрыторыяў не дазваляюць адназначна сьцьвярджаць, дзе сьвяты Бруна загінуў. Пры гэтым аднак трэба заўважыць, што зь вялікай доляй верагоднасьці сьмерць сьвятога Бруна магла адбыцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Сьвяты Бруна нарадзіўся ў 974 г. у сям’і нямецкіх графаў у Квэрфурце. У 986 г. вучыўся ў катэдральнай школе ў Магдэбургу. Студыі вёў магістар Гэддон. Тут ён сутыкнуўся з магдэбурскім мэтрапалітам Гізырэлем, а таксама з Цітмарам – пазьнейшым біскупам Мэрзэбурскім. У 995 г. быў прызначаны катэдральным канонікам у Магдэбургу. У 998 г. прыняў манаскі стан ордэну бэнэдыктынцаў у Авэнтыне, у абацтве сьвятых Баніфацыя і Аляксея. У якасьці манаскага імя сьвятому Бруна было наданае імя Баніфацы, таму пад гэтымі імёнамі ён і вядомы нам пазьней. У 1001 г. сьвяты Бруна ўдзельнічае ў місіі сярод заходніх славянаў на Одэры. У сувязі зь ёй, Папа Рымскі Сыльвэстар ІІ прызначыў яго місійным мітрапалітам, з правам прызначэньня біскупаў на місійных тэрыторыях. У 1005-1008 гг. Сьвяты Бруна прабывае з місіямі на тэрыторыі Польшчы, Венгрыі, прыяжджае ў Кіеў, адкуль выяжджае на місію да Печанегаў і ізноў вяртаецца ў Польшчу, адкуль рушыць у сваю апошнюю місію да Яцьвягаў у 1009 г.
Паводле паданьня ў гэтай місіі сьвятому Бруна ўдаецца навярнуць князя Яцьвягаў Нецімера, што выклікала рэакцыю артадаксальна настроеных паганцаў, якія пазбаўляюць улады Нецімера, а Бруна з паплечнікамі забіваюць. Адбылося гэта 9 сакавіка 1009 г., як сьведчыць Квэдлінбурскі Летапіс. Сьвятому Бруна было ў гэты момант 35 год.

Культ сьвятога Бруна хутка пашырыўся па тагачаснай Эўропе. Ужо 1040 г. выходзіць апісаньне яго жыцьця. У літургічных успамінах сьвяты Бруна пачынае ўзнадвацца з XVI в.
Варта адзначыць і палітычны аспэкт дзейнасьці сьвятога. Сьвяты Бруна быў прыхільнікам палітычнага адзінства каталіцкай Эўропы. Як мог ён стараўся лагодзіць спрэчкі паміж Цэзарам Сьвяшчэннай Рымскай Імпэрыі Гэрманскай Нацыі Хайнрыхам ІІ і польскім Каралём Баляславам Харобрым, якія нэгатыўна ўплывалі і на яго місіі.
Незаслужана забытае імя сьвятога Бруна сёньня ізноў узгадваецца ў сувязі з 1000-гадовым юбілеем Літвы. Яго дзейнасьць і ахвяра дазваляюць без сумніваў назваць сьвятога Бруна першым хрысьціцелем Літвы – нашай тагачаснай Айчыны.
Аляксандар СТРАЛЬЦОЎ-КАРВАЦКІ




