Каунас: Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у канферэнцыі, прысвечанай евангелізацыі

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч28 красавіка 2009 г. у Каўнаскім універсітэце імя Вітаўта Вялікага адбылася канферэнцыя на тэму: «Евангелізацыя ў сучасным свеце: крыніцы, выклікі, перспектывы». Адным з членаў Навуковага камітэта канферэнцыі быў абраны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які таксама выступіў з дакладам.

Беларускі іерарх выступіў з дакаладам на тэму «Евангелізацыя ў кантэксце экуменічнага дыялога». Прапануем скарочаны варыянт даклада.

Канферэнцыя «Евангелізацыя ў сучасным свеце: крыніцы, выклікі, перспектывы», прымеркаваная да Юбілею 2000-годдзя нараджэння св. Апостала Паўла і першага ўспаміну св. Брунанам слова «Літва» мае вялікае значэнне таксама для Беларусі. У тыя часы існавала Вялікае Княства Літоўскае, у якое ўваходзіла і Беларусь. Паводле беларускіх гісторыкаў, св. Брунан быў забіты ў раёне сучаснай мяжы паміж Літвой і Беларуссю.

У сённяшнім свеце побач жывуць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Паміж імі ёсць веруючыя і няверуючыя, атэісты, абыякавыя да рэлігіі асобы, вызнаўцы язычніцтва і г. д. Свет змяняецца на нашых вачах: з’яўляюцца новыя выклікі, ідзе пошук новых магчымасцяў адказу на іх.

Гэтыя дынамічныя змены не дазваляюць вучням Хрыста заставацца абыякавымі перад іх абліччам, пра што ўжо казаў II Ватыканскі Сабор, які ў сваім вучэнні адкрыўся на свет і яго праблемы. Сапраўды, хутка пасля Сабору стала зразумела, што сучаснаму свету патрэбна новая евангелізацыя, мэта якой — адраджэнне веры і хрысціянскага сведчання.

Кажучы пра евангелізацыю ў сённяшнім секулярызаваным свеце, трэба звяртаць увагу і на яе экуменічны аспект. Калі ўсё больш і больш людзей жывуць так, як быццам Бога няма, трэба сумеснымі намаганнямі абараняць духоўныя каштоўнасці. Сёння ўжо зразумела, што падзел паміж хрысціянамі супрацьпастаўляецца праўдзе Евангелля, абвяшчаць якую пакліканы кожны з нас, і таму гэта пагражае евангельскаму сведчанню.

Сёння вельмі важна, каб усе хрысціяне супольна падтрымлівалі духоўнае жыццё сваімі дарамі, харызмата і маглі дапамагаць адно аднаму. Так, пратэстантызм абагаціў хрысціянства вывучэннем Святога Пісання, рэлігійнымі спевамі і пастаяннай тэалагічнай рэфлексіяй. Сапраўдным скарбам для хрысціянства з’яўляецца праваслаўная літургія, манаскае жыццё, містычная малітва і тэалагічная думка, якая абапіраецца на навучанне Айцоў Царквы. Каталіцкі Касцёл у сваю чаргу мае такі скарб, без якога немагчыма евангельскае сведчанне ў сучасным свеце. Гэта харызматы розных манаскіх ордэнаў, эўхарыстычныя набажэнствы, супольны з праваслаўнымі культ Божай Маці, аўтарытэт Настаўніцкага Інстытута Касцёла, папскае вучэнне.

Адпаведна з Нотай Кангрэгацыі Веравучэння пра некаторыя аспекты евангелізацыі, прынятай у 2007 г., экуменічны дыялог найперш павінен уключаць у сябе неабходнасць слухання адно аднаго. Затым ідзе тэалагічная дыскусія, падчас якой трэба пазнаць вучэнне іншых канфесій. І напрыканцы — супольнае хрысціянскае сведчанне пра апостальскую традыцыю і праўду веры.

Адна з мэтаў евангелізацыі — абвяшчаць і абараняць хрысціянскія каштоўнасці. У сучаснай барацьбе за хрысціянскія каштоўнасці па розных баках адной барыкады знаходзяцца веруючыя, а таксама тыя, чый светапогляд сфармаваны секулярным гуманізмам. Паводле прынцыпаў ліберальнага гуманізму адзіным абмежаваннем свабоды чалавека з’яўляецца духоўная свабода іншых людзей. Гэта значыць, маральным з’яўляецца ўсё тое, што не шкодзіць іншым, а немаральным — тое, што абмяжоўвае свабоду іншых. Таму ў сучаснай гуманістычай этыцы не існуе паняцця абсалютных маральных нормаў. З іншага боку, мы ведаем, што існуюць абсалютныя, Богам устаноўленыя маральныя нормы, невыкананне якіх з’яўляецца грахом. Таму ў разуменні веруючага чалавека сапраўдная свабода — гэта не свабода ў дзеяннях, але свабода ад граху.

На жаль, сёння рэлігію часта характарызуюць як перашкоду для трыумфу дэмакратычнага лібералізму, які жадае рэлігію звузіць да межаў прыватнага жыцця. Аднак з іншага боку, у свеце так шмат людзей, якія жадаюць жыць паводле Божага закону і нават аддаюць сваё жыццё, каб застацца вернымі яму. Таму секулярная ідэалогія не можа замяніць рэлігійнага светапогляду, а рэлігійная сістэма каштоўнасцяў будзе існаваць разам з секулярнай.

Дзякуючы сваім вельмі блізкім сацыяльным дактрынам, Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква маюць вельмі добрыя магчымасці, каб весці дыялог з секулярным гуманізмам. Гэтыя дактрыны падкрэсліваюць прыярытэт рэлігійных каштоўнасцяў над інтарэсамі зямнога жыцця.

Сучасны свет чакае такога дыялога. Традыцыйнае хрысціянства не настаўлена супраць гуманізму, але не прымае яго ліберальнай і атэістычнай версій.

Таму з усёй адказнасцю трэба сказаць, што ўжо мінуў час, калі «раскідвалі камяні». Сёння іх трэба ўжо збіраць, гэта значыць — трэба супрацоўнічаць, бо ў іншым выпадку цягнік сучаснага жыцця адыдзе без нас, а мы застанемся стаяць на пероне вакзала. Ён адыдзе з ідэямі ліберальнага гуманізму. Аднак кожны з нас пакліканы абвяшчаць Евангелле. Езус заклікаў, каб усе былі адно, каб свет паверыў. Таму будучыня веры залежыць ад еднасці хрысціянаў.  

Catholic.by 

Share this

Апытанне

Ці хацелі б Вы паехаць на святкаванні на Грунвальдскае поле ў гэтым годзе?:
Брашура «Стаць Літвінам і быць ім» Газета «Літва»
Millenium Litwy on Twitter Keyboard Lithuaniae 1009-2009
 

Адрас: п/с 26, 220050, г.Мінск, Рэспубліка Беларусь
e-mail:
mail@milleniumlitwy.org
Тэл.:
+375 29 352 60 10; +375 29 306 33 17; +375 29 551 32 36