600-годдзе Вялікай Перамогі пад Грунвальдам – адсвяткуем разам!
Дэпутаты Сойму Літоўскай Рэспублікі прапанавалі беларускай грамадскасці правесці 14-18 ліпеня 2010 году сумеснае шэсце на Грунвальдскае (Дубровенскае) поле. Шэсце пачнецца з Гродна, адкуль у 1410 г. войскі ВКЛ выпраўляліся на Грунвальдскую бітву.
Беларусы прынялі прапанову. У Мінску створаны аргкамітэт святкавання 600-годдзя Вялікай Перамогі пад Грунвальдам. Старшыня гарадскога аргкамітэту – доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч, намеснік старшыні аргкамітэту – мастак Мікола Купава.
Мяркуецца, што ва ўрачыстым шэсці з боку Беларусі прымуць удзел прадстаўнікі тых нашых старажытных гарадоў, з якіх у 1410 годзе на Грунвальдскім полі біліся рыцары 40 харугваў (палкоў): Аршанская, Берасцейская, Ваўкавыская, Віленская, Віцебская, Гарадзенская, Лідская, Медніцкая, Менская, Мсціслаўская, Наваградская, Пінская, Полацкая, Смаленская, Старадубская, 10 асабістых харугваў Вітаўта і іншыя.
Паводле аргкамітэта, мінскія валанцёры ўжо пачалі выраб харугваў, эскізы якіх распрацаваныя суполкай мастакоў “Пагоня”. Малюнкі на харугвах (цэнтрам кампазіцыі якіх зазвычай будзе вершнік) вырабляюцца метадам аплікацыі. Прынятыя памеры харугваў: 110х160 сантыметраў. Падобныя харугвы будуць вырабляцца ў шэрагу беларускіх гарадоў, якія далучацца да ўдзелу ў шэсці.
У рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы, якая адбудзецца 17 ліпеня, прыме ўдзел каля 200 рыцараў беларускіх клубаў. На ролю Вітаўта Вялікага запрошаны выбітны акцёр аднаго з беларускіх тэатраў. Музычную падтрымку будзе ажыццяўляць беларускія гурты старажытнай музыкі.
З 15 да 18 ліпеня аргкамітэт рыхтуе паездку беларусаў на Дубровенскае поле двума аўтобусамі з Мінску. Мяркуецца, што ад Беларусі на Грунвальд рушаць каля 30 дэлегацый з гарадоў і мястэчак, якія прымалі ўдзел у Грунвальдскай бітве. Зараз вядзецца падрыхтоўка спісаў удзельнікаў выправы на гістарычнае для беларусаў і сакральнае для нашчадкаў ВКЛ месца.
У межах адзначэння 600-годдзя Вялікай Перамогі пад Грунвальдам у Мінску запланавана правядзенне круглага стала з удзелам вядомых гісторыкаў, урачыстае святкаванне ў кавярні “Грунвальд” 15 ліпеня, асвячэнне вырабленых валанцёрамі харугваў і тэматычныя выставы твораў беларускіх мастакоў.
Арганізатары святочных мерапрыемстваў з удзячнасцю прымуць любую фундатарскую дапамогу ад арганізацый і прыватных асобаў. Найлепшыя спонсары будуць уганараваныя правам суправаджаць князя Вітаўта падчас рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы.
Кантактныя тэлефоны: +375 29 5513236; +375 29 3352494
Рэспубліканскі грамадскі арганізацыйны камітэт па святкаванню 660-годдзя Вітаўта Вялікага і 600-годдзя Грунвальдскай (Дубровенскай) Перамогі.




