Анатоль Грыцкевіч. Літоўская Метрыка
- Тэксты:
Літоўская Метрыка – скарочаная назва Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, збора «сшыткаў і кніг» вялікакняжацкай канцылярыі ХV–ХVІІІ стагоддзяў, з копіямі дакументаў, што выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), паноў-рады і соймаў. Дакументы падлягалі захаванню, неабмежаванаму ў часе. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія і абласныя прывілеі, прывілеі гарадам і асобным групам насельніцтва, прывілеі на валоданне маёнткамі і розныя фінансавыя ільготы. Значнае месца займаюць судовыя дэкрэты, што разглядаліся вялікакняжацкім судом. У пасольскіх кнігах змешчаны матэрыялы знешняй палітыкі – дагаворы, інструкцыі паслам, перапіска з іншымі дзяржавамі і інш.
Метрыка стала асновай вялікакняжацкага, а пазней галоўнага дзяржаўнага архіва і выконвала юрыдычна-рэгістрацыйныя функцыі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Асноўная частка дакументаў ад ХV да пачатку ХVІІ стагоддзя складзена на беларускай мове, а пазней на польскай і лацінскай мовах.
Сшыткі і кнігі Метрыкі вяліся з сярэдзіны ХV да пачатку ХVІ стагоддзя. Яны зберагаліся ў Троцкім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў вялікакняжацкім скарбе ў Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 года падканцлер Вялікага Княства Літоўскага. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка падзялілася на вялікую і меншую. Частае выкарыстанне дакументаў ужо да канца ХVІ стагоддзя значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Льва Сапегі ў 1594–1607 гадах старыя кнігі былі перапісаны, але ў ХVІІ стагоддзі яны амаль усе загінулі (пад час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654–1667 гадоў. – «КГ»). Новыя кнігі разам з пазнейшымі кнігамі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў ХVII–XVIII стагоддзях, яны і склалі аснову сучасных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя архіў ВКЛ быў перавезены ў Варшаву, а пасля задушэння паўстання 1794 года – у Санкт-Пецярбург, і большая яго частка перададзена ў Сенат Расійскай імперыі. У 1887–1888 гадах матэрыялы Метрыкі былі пераведзены ў маскоўскі архіў Міністэрства юстыцыі і цяпер захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі). У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ёсць іх мікракопіі. Некаторыя дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве, Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя У.І. Вернандскага ў Кіеве і некаторых іншых зборах.
Дакументамі Метрыкі карысталіся і карыстаюцца для сваіх працаў гісторыкі пачынаючы з ХІХ стагоддзя. Шмат матэрыялаў з яе апублікавана ў розных зборах дакументаў ХІХ–ХХ стагоддзяў. Шматтомная публікацыя Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага ажыццяўляецца з 1987 года археографамі Польшчы, а з 2000 года археографамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. За апошнія гады апублікаваны і матэрыялы Метрыкі ў Літве ў перакладзе на літоўскую мову (дакументы Метрыкі на літоўскай мове не вяліся).
Літаратура:
- Галенчанка Г.Я. Метрыка Вялікага княства Літоўскага // Беларуская Энцыклапедыя. Т. 10. Мн., 2000. С. 315–316;
- Галенчанка Г., Спірыдонаў М. Метрыка Вялікага княства Літоўскага // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мн., 2006. С. 302–310.
Анатоль ГРЫЦКЕВІЧ




