Надзея Старавойтава. Cвецка-рыцарская перакладная літаратура ВКЛ эпохі Рэнесансу
- Тэксты:
Пры гуках слова «Рэнесанс», – паводле словаў Ёхана Хёйзінгі, знакамітага нідэрландскага гісторыка, тэарэтыка культуры, – чалавеку, які задумваецца пра прыгажосць мінулага, уяўляюцца пурпур і золата [1]. Насампраўдзе, Рэнесанс, акрамя літаральнага адраджэння або пераймання антычнасці, меў на ўвазе разняволенне духу, думкі і пачуцця, усведамленне нязначных датуль магчымасцяў і самакаштоўнасці асобы. Да агульных рэнесансавых працэсаў у культуры Беларусі дзейсна спрычыніліся свецкія літаратурныя адаптацыі. Менавіта свецкія, бо ў эпоху Адраджэння разыходжанне паміж мараллю і рэлігійнай верай паглыблялася. Апалагізаваліся зямное жыццё, уласная свабода чалавека, розум і сумленне, мудрасць і працалюбства, грамадская актыўнасць і служэнне агульнаму шчасцю, эстэтычная вартасць роднай мовы [2]. Росквітам беларускага, як і сусветнага, перакладу лічыцца XVI ст. [3] З пашырэннем кантактаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і еўрапейскімі краінамі (у тым ліку навучанне за мяжой) з’яўляюцца тлумачэнні заходніх літаратурных і рэлігійных твораў [4].
Беларуская перакладная літаратура XV – XVII стст. мела асаблівае значэнне для ўсяго ўсходняга славянства, бо сталася мастом, пасярэднікам паміж Захадам і Масковіяй. Яна была багатай, тэматычна і жанрава разнастайнай: вершаваная i празаiчная, арыгiнальная i перакладная. Шырока бытавалi наступныя перакладныя творы i зборнiкi твораў: гiстарычныя раманы (“Александрыя” – пра паходы Аляксандра Македонскага, “Троя” – пра зваяваннi грэкамi Троi); нацыянальна-гiстарычны эпас (“Скандэрбег” – пра вызваленчую барацьбу албанскага народа, “Атыля” – пра зваяваннi гунаў, якiя атаясамлiваюцца з вугорцамi); рыцарскiя раманы (“Трышчан ды Iжота” – славутая легенда пра неўмiручае каханне рыцара Трыстана i каралевы Iзольды, “Баво” – пра лёс легендарнага каралевiча Бава); варажбiтныя (“Загадкi цара Давiда”, “Лапатачнiк”, “Луцыдары” – пра спосабы варажбы на авечай лапатцы i не толькi); астралагiчныя (“Шастакрыл” – пра сонца ды месяц); энцыклапедычныя (“Тайна тайных, альбо Арыстоцелева брама”, “Логiка”); дыдактыка-рэлiгiйныя i псеўдагiстарычныя (“Рымскiя дзеi” – 39 твораў павучальнага тыпу, “Страсцi Хрыстовы”, “Аповед пра трох каралёў-вешчуноў”, “Казанне пра Сыбiлю-прадказальнiцу”, “Таўдаль-рыцар”); агiяграфiчныя (“Жыццё Аляксея, чалавека Божага”); апакрыфiчныя (забароненыя царквой: “Сон Багародзiцы”, “Пра дванаццаць пакутаў”, “Лiст Iсуса Хрыста”). Шляхi пранiкнення заходнееўрапейскай лiтаратуры ў ВКЛ сведчаць пра шырыню i плённасць беларускiх лiтаратурных дачыненняў з iншымi лiтаратурамi (пераклады з польскай, чэшскай, сербскай, лацiнскай, грэцкай, арабскай, яўрэйскай, а таксама з некаторых заходнееўрапейскiх моваў). Аднак у эпоху Адраджэння не толькi мы перакладалi еўрапейскую лiтаратуру, але i еўрапейцы знаёмiлiся з высокай духоўнай культурай ВКЛ.
Усё гэта імпанавала кніжнікам Масковіі, але пераклады рабіліся пераважна беларусамі ці людзьмі беларускага паходжання, што жылі там. На пачатку XVII ст. у Маскве нават сфарміравалася своесаблівая карпарацыя перакладчыкаў беларусаў і ўкраінцаў, якія, акрамя афіцыйнай дакументацыі, часам рабілі літаратурныя пераклады [5]. Свецкія творы адкрывалі перад вачыма беларуса невядомы яму свет заходняга рыцарскага Сярэднявечча. Беларуская перакладная літаратура XV – XVII стст. стваралася паводле запыту тагачаснай грамадскасці. Гэта не раз адзначалася і беларускімі літаратуразнаўцамі [6], але ў асобную праблему не вылучалася. Між тым, пераклад – такі від творчасці, які патрабуе падрабязнага разгляду ў яго гістарычным, ідэальным, стылявым аспектах. Таму неабходна акрэсліць ролю перакладу ўвогуле. Беларускі пераклад паўплываў не толькі на станаўленне жанраў арыгінальнай літаратуры (на ўзмацненне ў ёй свецкай плыні), але і на асобныя жанры фальклору. Мастацкі пераклад XV – XVII стст. выконваў тую ж функцыю, што і цяпер: павялічваў колькасць чытачоў пэўных твораў, быў добрай школай фантазіі і творчасці. Пераклад паказваў, на якой глебе і ў якім напрамку магла развівацца арыгінальная літаратура, выяўляў духоўнае жыццё праз свецкія інтарэсы таго часу, пашыраў кругагляд беларускага грамадства, знаёміў з гістарычнай і літаратурнай спадчынай іншых эпох і народаў. У беларускіх перакладных творах услаўляліся рыцарскія ідэалы, высокія чалавечыя якасці, сцвярджаліся ідэі хрысціянскага гуманізму. Дзякуючы перакладу некаторыя раманы трапілі ва Украіну і ў Расію.
Што ж да свецка-рыцарскіх літаратурных адаптацый, дык тут дзеля ўзору дастаткова вылучыць толькі адзін манускрыпт 80-х гадоў XVI ст. – «Пазнанскі зборнік» як тып літаратурнага кодэксу. Гэты рукапіс – адмысловы прыклад рэнесансавага зборніка, акрамя таго – рыцарскага кодэксу, бо асноўная ў ім рыцарская тэматыка, а напісаны ён сакавітай беларускай мовай, ужо цалкам пазбаўленай стараславянізмаў. Зборнік налічвае 344 аркушы. На першых 127 аркушах змяшчаецца перакладны «Раман пра Трышчана» – магістральны твор сярод свецкіх адаптацый Беларусі, бо ён вызначаецца высокім узроўнем мастацкасці, уздымае вельмі складаныя філасофскія праблемы, што не мае аналагаў сярод беларускіх перакладаў і еўрапейскіх прататэкстаў рамана. Далей у зборніку месьцяцца перакладныя «Раман пра Бава» і «Гісторыя пра Атылю», арыгінальны твор «Летапісец Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага». Кожны з перакладных раманаў гэтага зборніка – тэкст унікальны і непараўнальны. Усе яны з’яўляюцца не дакладнымі, а творчымі перакладамі. Таму можна адносіць іх як да перакладной, так і да арыгінальнай літаратуры, дзякуючы чаму ў апошняй адкрываецца цэлы пласт новых тэкстаў, усе вартасці якіх дагэтуль тлумачылі заслугамі «фармальнага» перакладу (гэта значыць, перакладу з мовы на мову). А ёсць яшчэ і «метафізічны» пераклад (умоўна назавем яго так) – сама мастацкая творчасць.
«Раман пра Трышчана», як мы адзначалі, уяўляе з сябе найлепшы ўзор нашай перакладной літаратуры. Тут яскрава прасочваецца канфлікт паміж «тыраніяй» прызнанага жанру і арыгінальнай творчасцю аўтара, што дазваляе адрозніваць шэдэўр ад бясколернай копіі. Аўтар-перакладчык рамана вырашае гэты канфлікт гарманічным спалучэннем бурлескавай і ўзвышанай формаў аповеду. У творы гарманічна спалучаецца і філасофскі рэнесансавы змест (у сентэнцыях, што яскрава сведчаць пра ўкараненне канцэпцый гуманізму) з эліптычнай барокавай формай. Асаблівасцю беларускага сінтэзу Адраджэння і барока ёсць і выяўленчая сістэма твора, што таксама ўражвае не напышлівасцю, мудрагелістасцю, а глыбінёй філасофскага зместу, натуральнай прыгажосцю. Дзякуючы гэтаму сінтэзу паэтыкі барока і рацыянальна-натуралістычнага Адраджэння, перакладчыку ўдалося пазбегнуць барокавай бутафорнасці, а натуралістычная дэталь была больш сціплая. Рэнесансавай рысай «Рамана пра Трышчана» з’яўляецца таксама сінтэз двух тыпаў рамана: экстэнсіўнага (адкрытага) і вытанчанага, якім уласцівы мноства другасных герояў, залежнасць учынкаў героя ад абставінаў (шэраг бліскучых, упэўненых перамог Трышчана). Стылістычны аналіз твора зноў жа дазваляе сцвярждаць, што гэта не механічнае перапісванне. «Раман пра Бава» можна ахарактарызаваць як рыцарскі, бурлескава-зніжаны, бо гэта хутчэй забаўляльны помнік нізавога барока, і таму бурлескавасць, бытапіс і зніжаны стыль тут – вядучыя кампазіцыйныя прыёмы. «Гісторыя пра Атылю» з’яўляецца таксама рыцарскім творам, па вялікім рахунку, але больш набліжаным да гістарычнай хронікі. У гэтай рознастылёвасці, пашане да стылю протатэкстаў палягае гарантыя адэкватнасці, аўтэнтычнасці. Такія пераклады зрабіліся імпульсам для далейшага развіцця літаратуры.
Такім чынам, як паказваюць згаданыя прыклады традыцыйнага апісання «Пазнанскага зборніка», захапленне ў ім класічнасцю (знешняе афармленне і ўнутраная сутнасць) цалкам адпавядалі рэнесансаваму кантэксту. Гэта азначае, што літаратура Беларусі як арыгінальная, так і перакладная, ішла тым шляхам, па якім ужо ішла агульнаеўрапейская культура.
Дадатак І. Урывак з “Рамана пра Трышчана” як ілюстрацыя моўнай пекнаты і сакавітасці твора (прыводзіцца ў транслітарацыі) [7].
Ідучы яны па мору, калі быў трэці дзень, Трышчан з Іжотаю іграў у шахі. Была на Трышчане залатаглававая жупіца й шата, а на Іжоце зялёнага аксаміту саян. А было то леце й быў вялікі зной. Рэк Трышчан: “Трэба ся нам напіці”. І Гаварнар ішоў і прынес кубак з онае фляшы мілоснага піцьця, забыўшыся, бо ў каморы было многа ўсякіх судоў. І даў Трышчану, а другі даў Іжоце. І скора ся напілі таго піва й яшчэ не дапіўшы кубкаў упалі межы сабою ў вялікую мілосьць, аж і да жывата свайго адзін другога не аставіў. І пачалі глядзець адзін на другога й ня мысьлілі ні а ком, толька а сабе. І селі, яка бы зьлякшыся. Трышчан мысьліў да Іжоты, а Іжота да яго, а караля Марку запамяталі. Трышчан рэк: “Дзівуюся, адкуль мі прыйшло то так прудка, а пярвей мі таго не было?” І мысьліў адзін ка другому й мовілі самі сабе: “Мысьль наша ёсьць няверна”. Але піва іх перамагло. Рэк Трышчан: “Есьлі я мілую Іжоту, то ня дзіўна: яна ёсьць наймільшая рэч на сьвеце. Лепшае бых ня мог найці, а я есьмі яе вывеў і мне ёсьць дана. А мілосьць наша скрыта можа быці”. А Іжота мысьліла: “Есьлі я мілую Трышчана, то ёсьць ня дзіўна: ён ёсьць мая раўня й так высокага роду, як я. І віцязя большага на сьвеце нет”. І тую мысьль абачылі, іж оба ся мілуюць са ўсяго сэрца. Іжота ся а том весяліла й ракла: “Калі мя мілуець найбольшы віцязь, чаму мне большага дабра?” А Трышчан рэк: “Я мам вялікую фартуну на сьвеце, іж мя найцуднейшая панна мілуець, а я ёй таго не заслужыў”. (...) А Трышчан і Іжота цярпеці не маглі. Рэк Трышчан Іжоце: “Я цябе мілую із сэрца”. Яна а том была вельмі вясёла й ракла Трышчану: “Я ня мілую ніводнае рэчы на сьвеце, як цябе, а ня дай Бог покі буду жыва”. Відзечы то, іж ёсьць Іжота зь ім адное мысьлі, не адкладваючы далей таго, шлі ў камору й споўнілі сваю волю. Адтоле навекі не адмянілася іх мілосьць і ад тае мілосьці мелі вялікія працы. І нет таго рыцара, каторы бы падняў толька мукі для мілосьці, колька Трышчан. (...) Рэк Гаварнар Брагіні: “Што ці ся а том відзіць? Відзі мі ся, што Трышчан узяў паненства Іжоце, я есьмі іх відзеў умесьце”. (...) І ня мысьліў Трышчан нічога, толька а Іжоце, а Іжота а Трышчане. І не было ў іх іное на ўме, толька яка бы ў раі былі. І мілавалі адзін другога большэй, ніж сам сябе. І так урасла іх мілосьць, іж ня зналі, як бы ся ўзьдзяржалі адзін ад другога.
Спасылкі:
- Бэрк П. Рэнесанс. Мн., 1997. С. 5.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1984. Т. 1. С. 51.
- Брунэль П., Пішуа К., Русо А.-М. Што такое параўнальнае літаратуразнаўства? Мн., 1996. С. 60.
- Надсан А. Заходняя літаратура на Беларусі ў XV–XVII стст. // Спадчына. 1997. № 6. С. 73–90.
- Кіпель З. Беларуская перакладная літаратура XV–XVII стст. як мост паміж Усходам і Захадам // Беларусіка. Матэрыялы 2-га Міжнар. кангрэса беларусістаў: Беларусь паміж Усходам і Захадам. Мн., 1997. Кн. 6. Ч. 2. С. 177.
- Цімашкова Л.Я. Перакладная літаратура XV–XVII стагоддзяў // Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1968. С. 383–408.
- Повесьць а слаўным рыцары Трышчане / Трансьлітарацыя Н. Старавойтавай // Białoruski Tristan=Беларускі Трышчан / Pod. red. M. Maszkiewicza. Wrocław, 2006. S. 245 – 306.
Літаратура:
- Веселовский А. Н. Белорусские повести о Тристане, Бове и Аттиле в Познанской рукописи конца XVI века // Из истории романа и повести / СОРЯС императ. АН. – Т. 44. – № 3. – СПб., 1888. – С. 125 – 350.
- Бразгуноў А. Перакладны рыцарскі і гістарычны раман Беларусі XV – XVI стст.: еўрапейскі кантэкст, трансфармацыя і эвалюцыя жанру. Аўтарэф. дыс. ... канд. філал. навук. – Мн., 2002. – 20 с.
- Легенда о Тристане и Изольде / Под ред. А.Д. Михайлова. – М., 1976. – С. 384 – 474.
- Старавойтава Н.П. “Аповесць пра Трышчана” і сінтэз стыляў Рэнесансу і барока // Род. слова. – 2000. – № 12. – С. 26 – 29.
- Старавойтава Н. Беларуская перакладная аповесць эпохі Адраджэння (тэксталогія і стыль перакладу). Аўтарэф. дыс. ... канд. філал. навук. – Мн., 2004. – 22 с.
Надзея СТАРАВОЙТАВА




